top of page

З ГІСТОРЫІ ШКОЛЫ

     У 1947 г.  была адкрыта Крыўлянская пачатковая школа. Ішоў час і школа мяняла назвы:

1949 г.  – Крыўлянская сямігадовая школа.

1962 г.  – Крыўлянская васьмігадовая школа.

1990 г.  – Крыўлянская базавая школа.

Снежань 2004 г.  – Мількаўшчынская базавая школа.

З 11.08.2006г.  да 31.08. 2013г. - Мількаўшчынская базавая школа імя Элізы Ажэшкі.

     Дырэктарамі на працягу існавання школы былі:

Жывушка Станіслаў Іосіфавіч                         1947 – 1949 гг.

Ягорычава Вера Іванаўна                               1949 – 1952 гг.

Пастэрнак Мар’ян Дамінікавіч                       1952 – 1954 гг.

Байгот Пётр Іосіфавіч                                       1954 – 1967 гг.

Міхальчук Іван Фёдаравіч                               1967 – 1972 гг.

Калодзісты Барыс Купрыянавіч                     1972 – 1975 гг.

Піліпенка Святлана Паўлаўна                        1975 – 1978 гг.

Трунілава Лілія Уладзіміраўна                        1978 – 1983 гг.

Грыб Марыя Пятроўна                                     1983 – 1990 гг.

Сакалінская Марыя Міхайлаўна                    1990 – 1998 гг.

Трахімчык Уладзімір Іванавіч                         1998 – 2006 гг.

Чыжык Людміла Іванаўна                                2006 – 2013 гг.

 

      Навучанне ўвесь час вялося на беларускай мове. За 67 гадоў існавання школу скончылі амаль тысяча вучняў.

З ГІСТОРЫІ МУЗЕЯ

⁠    Са жніўня 2006 года школа насіла імя Элізы Ажэшкі (гэта была адзіная школа на Беларусі). Дэвізам школьнага жыцця з’яўляліся  словы Элізы Ажэшкі: “Май сэрца як мага чысцейшае і аддавай паслугі як мага большыя зямлі і людзям”.  Гэтыя словы таксама гучалі ў школьным гімне, тэкст яго напісала Любоў Мікалаеўна Русілка, а кампазітар Аліна Безенсон, якая жыве і працуе ў Мінску, а родам сама з Ваўкавыска, паклала словы на музыку.

    Вялікім энтузіястам краязнаўства, ініцыятарам стварэння школьнага музея быў  Уладзімір Іванавіч Трахімчык, былы дырэктар школы. Музей  пачынаўся з экспазіцыі  пра нашу сусветнавядомую зямлячку – Элізу Ажэшку. Менавіта тут, у Мількаўшчыне,  прайшлі дзіцячыя гады будучай пісьменніцы і пачалася яе літаратурная дзейнасць першым друкаваным апавяданнем “Малюнак з галодных гадоў”. Затым былі напісаны яшчэ дзесяць аповесцяў і раманаў, шэсць з якіх было надрукавана. У раённым конкурсе-аглядзе “За развіццё музейнай справы” экспазіцыя “Эліза Ажэшка – наша славутая зямлячка” была адзначана дыпломам першай ступені. 

      Усе работы па мастацкаму афармленню музейнага пакоя  вяліся  сіламі работнікаў школы. І роспісы на сценах, і выраб мэблі, вітрынаў, падставак – усё рабілі сваімі рукамі. адначасова з гэтым вучні і настаўнікі школы вялі збор экспанатаў па гісторыі і этнаграфіі роднага краю. Галоўная задача, якая ставілася перад педагагічным і вучнёўскім калектывам, – па крупінцы сабраць расцярушаную часам гістарычную і духоўную спадчыну і захаваць яе для будучых пакаленняў.

       І вось у лістападзе 2004 года педагагічным саветам было прынята рашэнне аб адкрыцці музейнага пакоя, а з лістапада 2010 года – літаратурна-краязнаўчага музея. Асноўнай дзейнасцю музея з’яўляецца вывучэнне гістарычных крыніц, правядзенне экскурсійна-лекцыйных работ, афармленне экспазіцый і выстаў, масавая і прапагандысцкая работа.

     Пасля закрыцця  школы з 1 верасня 2013 года музей перададзены "Гродзенскаму раённаму цэнтру творчасці дзяцей і моладзі". Кіраўніком музея з 2004 года працуе Савянкова Таццяна Анатольеўна.

    Асноўнай дзейнасцю музея з’яўляецца вывучэнне гістарычных крыніц, папаўненне фондаў, забяспячэнне, захаванне і ўлік музейных прадметаў, абнаўленне экспазіцый, правядзенне экскурсійна – лекцыйных работ.

       У музеі сабраны прадметы паўсядзённага побыту, прылады працы, вырабы майстроў, дакументы, фотаздымкі, архіўныя матэрыялы. Кожны прадмет у музеі – гэта гісторыя жыцця нашых продкаў. Глядзіш на іх і перад табой паўстаюць карціны сівой даўніны і часу зусім блізкага. Захапляешся кемлівасцю і майстэрствам жыхароў нашых мясцін, іх вынаходлівасцю. Матэрыялы музея дазваляюць больш змястоўна праводзіць урокі гісторыі, літаратуры, геаграфіі, пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы.

       Наш музей – гэта скарбніца не толькі мінулага, але і адметнага сённяшняга;  не толькі матэрыяльных рэчаў, але і думак, пачуццяў, пакінутых у творах вялікімі майстрамі;  гэта – тэатр, які дае ўяўленні пра гістарычныя падзеі;  гэта – своеасаблівая лабараторыя для дапытлівых і цікаўных, магчымая пляцоўка для навуковых адкрыццяў. Нарэшце – гэта месца адпачынку і духоўнай творчасці.

Кажуць, чалавек будучага – гэта той, у каго даўжэйшая памяць.

Ці не шанец на будучыню дораць нам музеі, маўкліва захоўваючы гэтую памяць?

 

bottom of page